Этнаграфічны куток “Беларуская хатка”
Ад прадзедаў спакон вякоў
Мне засталася спадчына;
Памiж сваiх i чужакоў
Яна мне ласкай матчынай.
Я. Купала. Спадчына.
Уздыхаць па старажытных рэчах, вяртацца да старога ўкладу жыцця не варта, але ведаць, як жылі нашы дзяды-прадзеды трэба. Таму, трэба як мага раней пачынаць далучаць дзяцей да нацыянальнай культуры, выхоўваць любоў і павагу да сваёй малой радзімы. Педагогамі дзіцячага сада №4 арганізавана мэтанакіраваная праца па далучэнню выхаванцаў да вытокаў нацыянальнай культуры.
Адным са сродкаў знаёмства з побытам і традыцыямі стала стварэнне ў групах этнаграфічных куткоў. "Беларуская хатка" ўяўляе сабой мініятурны макет жылога вясковага памяшкання, дзе сабраны прадметы побыту і прыкладнога мастацтва. У хатцы размешчаны ў адпаведнасці з традыцыямі вобразы з ручнікамі, фіранкі на вокнах, вясковая печ, калыска, а таксама прадметы побыту і хатняга ужытку (жбан, куфар для захоўвання адзення, ухап, чыгун, дзяжа, валок, калаўрот, кросны, верацяно), прадметы дэкаратыўна-прыкладной творчасці (сурвэткі, абрусы, саматканыя палавікі).Асаблівую каштоўнасць кутку надае тое, што дзіця з'яўляецца сааўтарам і творцам экспазіцыі - можа самастойна мяняць, перастаўляць экспанаты, браць іх у рукі і разглядаць, гуляць. У стварэнні экспанатаў для этнаграфічных куткоў актыўны ўдзел прымалі і дзеці, і бацькі. "Беларуская хатка" адкрывае магчымасць пранікнуць у гісторыю побыту роднага краю, развівае ў дзяцей разуменне культурнай спадчыны і выхоўвае да яе беражлівыя адносіны.
Часцей азірайцеся,сябры, назад у мінулае, каб не пагасла свечка на покуці - у хаце з матчынай душою, каб лягчэй было ісці наперад у будучыню…