Родная старонка

Дапаможам нашым дзецям авалодаць беларускай мовай

                                                    Шануйце мову родную!

                                                     Багатую і мілагучную!

                                      Родная мова

                                                           У марах, у песнях, у снах.

                                                      Мае ў ёй кожнае слова

                                                         Свой колер, і смак, і пах.

                                                                                                                                       А. Грачанікаў

      Самае дарагое ў жыцці – тое, што закладзена ў сэрца з ранніх год. Менавіта родная мова – сувязное звяно ў далучэнні дзяцей да агульначалавечых каштоўнасцей, традыцый і гістарычнага мінулага нашай Радзімы. З боку дзяржавы гэтаму пытанню таксама надаецца вялікая ўвага.

      На заканадаўчым узроўні замацавана магчымасць рэалізацыі права кожнага дзіцяці на атрыманне адукацыі на беларускай мове. У адпаведнасці з Планам мерапрыемстваў па папулярызацыі і пашырэнні сферы выкарыстання беларускай мовы ў жыцці грамадства неабходна на ўзроўні да­школьнай адукацыі прыняць дадатковыя меры, скіраваныя на пашырэнне магчымасці атрымання беларускамоўнай адукацыі.

      Але, нягледзячы на такую вялікую ўвагу да развіцця беларускага маўлення, навучанне дзяцей беларускай мове ў дзіцячым садку мае свае асаблівасці.

      Маўленчае развіцце дашкольнікаў у Беларусі адбываецца ў спецыфічнай сацыялінгвістычнай сітуацыі руска-беларускага блізкароднаснага двухмоўя (білінгвізму). Для большасці гарадскіх дзяцей першай мовай, на якой яны вучацца гаварыць і думаць, мець зносіны з акружаючымі іх людзьмі, з’яўляецца руская мова, а беларуская выступае для іх як другая.

       Дашкольнікі мала чуюць родную мову ў шырокім ужытку, а таму маюць бедны слоўнікавы запас, іх маўленне знаходзіцца пад уплывам рускай мовы.

       Усувязі з гэтым, сам час патрабуе звярнуцца да сваіх вытокаў, далучаць дзяцей да беларускай нацыянальнай культуры, паглыбляць знаемства з родным краем, беларускімі традыцыямі, фальклорам, прывіваць пачуцце грамадскасці, любоў да Радзімы.

       Вельмі важна навучыць дзяцей з павагай ставіцца да беларускай мовы, не саромецца на ёй размаўляць. Важна, каб дзеці ведалі і шанавалі гісторыю сваіх продкаў, родную прыроду. Адказнасць за гэта ляжыць на нас – педагогах і бацьках. І пачынаць работу трэба з выхавання ў самых маленькіх любові ў першую чаргу да роднай мовы. Вялікае значэнне тут мае асабісты прыклад дарослых. Трэба ўвесці рускамоўных дзяцей у атмасферу жывога беларускага слова, далучыць іх да багацця роднай мовы, навучыць адчуць яе прыгажосць, мелодыку, своеасаблівасць. Ступень авалодання як роднай , так і другой мовай у дзіцячым узросце ў многім залежыць ад таго, наколькі поўна і правільна дзіця засвоіла іх на пачуццёвым узроўні. Пачуццё роднай мовы набываецца ў працэсе штодзённых зносін з іншымі людзьмі.

       Выхавальнікі павінны імкнуцца да таго, каб маўленне дашкольнікаў вызначалася не толькі сваёй правільнасцю, але і выразнасцю. Пачынаючы работу па навучанню выхаванцаў беларускай мове, нам, педагогам, неабходна перш за ўсё самім добра валодаць роднай мовай.

       У сувязі з гэтым, мова педагога павінна быць адной з асноўных крынiц развiцця мовы дашкольнiка, узорам для моўнага выказвання дзяцей.

       У вучэбнай  праграме дашкольнай адукацыі работа па фарміраванню беларускага маўлення з дашкольнікамі падзяляецца па ўзроставых групах, па напрамках работы:

  •  заняткi па развіццю беларускага маўлення;
  •  развіццё маўлення ў працэсе штодзённых узаемаадносінаў выхавальніка з дзецьмі ў розных відах дзейнасці;
  •  самастойная маўленчая дзейнасць дзяцей.

       Вучэбная праграма рэкамендуе таксама пералік лепшых класічных мастацкіх і фальклорных твораў і дакладна акрэслівае задачы па азнаямленню з імі дзяцей розных узроставых груп (пачынаючы з 1-й малодшай):

  • беларускімі народнымі песенькамі і пацешкамі;
  • беларускімі народнымі казкамі;
  • творамі беларускіх паэтаў і пісьменнікаў;
  • беларускімі народнымі гульнямі.

       Згодна праграме, агульная стратэгія пабудовы працэсу навучання дашкольнікаў беларускай мове заключаецца ў паэтапным развіцці беларускага маўлення дзяцей, пачынаючы з паступовага ўвядзення беларускай мовы ў розныя віды дзейнасці ўжо ў першай малодшай групе.

       Гэта робіцца з мэтай развіцця ў дзяцей першапачатковых навыкаў разумення мовы, умення паўтараць за выхавальнікам і, па меры магчымасці, самастойна ўзнаўляць узоры беларускага маўлення (асобныя словы, кароткія пацешкі, вершы, забаўлянкі, калыханкі, песенькі і г.д.), што служыць фарміраванню ў іх пачуццёвай асновы руска-беларускага двухмоўя.

      Перыяд ранняга дзяцінства традыцыйна лічыцца самым спрыяльным для авалодання мовай (як роднай, так і другой) у сувязі з шэрагам псіхалагічных асаблівасцей дзяцей: сензітыўнасцю да засваення мовы, актыўнай памяццю, лёгкасцю станоўчай матывацыі маўленчай дзейнасці.

     Ранняе засваенне беларускай мовы дае станоўчыя вынікі толькi пры строгім захаванні прынцыпу «адна асоба ў адной сітуацыі зносін —адна мова», г.зн., што адзін і той жа педагог павінен выкарыстоўваць  ў зносінах з дзіцём і рускую, і беларускую мовы, але строга прытрымліваецца адной з іх на занятках, у гульнях і ў асобныя дні. Формы i метады работы па развiццю беларускага маўлення педагогi павінны выкарыстоўваць узалежнасцi ад узросту дзяцей.

    Пры навучаннi дашкольнікаў малодшага ўзросту выхавальнiкi асаблiвую ўвагу павінны ўдзяляць  рэпрадуктыўнаму беларускаму маўленню (фарміраваць першапачатковыя навыкі разумення мовы, умення паўтараць за выхавальнікам і, па меры магчымасці, самастойна ўзнаўляць узоры беларускага маўлення (асобныя словы, кароткія рэплікі, завучваць і ўзнаўляць кароткія паэтычныя творы), што паслужыць фарміраванню ў іх пачуццевай асновы руска-беларускага двухмоўя.

     У адпаведнасці з вучэбнай праграмай з дзецьмi сярэдняга i старэйшага ўзросту выхавальнікі адзін раз на тыдні праводзяць  заняткі па развіццю беларускага маўлення.

    Пры арганізацыі работы з выхаванцамі сярэдняга ўзросту ажыццяўляецца навучанне прадуктыўнаму маўленню, г.зн.уменню будаваць самастойныя па змесце і форме выказванні на беларускай мове (расказванне па карціне, пра цацку або прадмет, з асабістага вопыту, пераказ).

     У дзяцей сярэдняга старэйшага дашкольніага ўзросту, акрамя рэпрадуктыўнага і прадуктыўнага маўлення фарміруецца пачатковае асэнсаванне некаторых асаблівасцей беларускай мовы (фрыкатыўнае вымаўленне гукаў [г], [г’], заўседы цвердае вымаўленне гукаў {ч}, {щ} {р} і г.д.). Рэалізацыі гэтай задачы садзейнічае правядзенне “чыстых” заняткаў па гукавой культуры маўлення.

      Навучанне на кожным этапе павінна ажыццяўляецца на фоне далейшага развіцця і ўдасканалення маўленчых навыкаў дзяцей, набытых на папярэдніх этапах.

        Мэтай заняткаў з дзецьмі гэтых груп з’яўляецца фарміраване ў дзяцей слоўніка, граматычнага ладу маўлення, гукавой культуры і звязнага маўлення (дыялагічнага і маналагічнага) як сродка зносін, ўстойлівай цікавасці і станоўчых адносін да беларускай мовы, жаданне авалодаць ёю. На гэтых занятках  выхавальнікі павінны актыўна выкарыстоўваць дыдактычныя  гульні, малыя формы фальклору, беларускія народныя казкі, апавяданні, вершы, загадкі, чыста і скорагаворкі. Вучыць слухаць і разумець мову выхавальніка, адказваць на пытанні па змесце вершаў, карцін і апісанні цацак. Садзейнічаць стварэнню выказванняў, самастойных па задуме і моўным афармленні (пры пераказе казак, складанні апавяданняў з асабістага вопыту).

       Азнаямленне з гісторыяй, культурай Беларусі дазваляе паказаць адметнасць беларускай зямлі, побыт яе жыхароў мінулых стагоддзяў, растлумачыць, адкуль пайшлі беларусы, расказаць пра выхаванне імі дзяцей, што ў вялікай меры садзейнічае станаўленню беларускага маўлення дашкольнікаў, расшырае іх пазнавальны інтарэс.

       Асаблiвую ўвагу ў рабоце са старэйшымі дашкольнікамі педагогі надаюць настольным, дыдактычным, развіваючым  гульням, якія:

  • садзейнічаюць фарміраванню ў выхаванцаў цікавасці да роднай мовы і жаданне авалодаць ёю;
  • развіваюць звязнае маўленне, граматычны лад мовы, актывізуюць  слоўнік;
  • вучаць дзяцей устанаўліваць і разумець сувязi паміж назвамi прадметаў, іх прыкметамi і функцыянальнымі магчымасцямі;
  • садзейнічаюць развіццю ўвагі, мыслення, кемлівасці.

     Рэалізацыю задач беларускага маўлення, згодна з вучэбнай праграмай, неабходна ажыццяўляць таксама на фізкультурных занятках з выкарыстаннем беларускіх народных рухомых гульняў, на рухава-творчых занятках, заснаваных на розных відах вуснай народнай творчасці, на музычных занятках, у час правядзення народных свят і г.д.

    Для дзяцей, якія жывуць у рускамоўным бытавым асяроддзі, менавіта гульні з іх разнастайнымі сітуацыямі, сімвалічнымі дзеяннямі ствараюць асаблівую патрэбу ў беларускай мове.

     Праз гульню ў тэатр дзеці таксама вучацца мове. Падрыхтоўка тэатралізаванай сцэнкі дае магчымасць выхавальніку вучыць дзяцей прыгожа, гучна вымаўляць словы на роднай мове, адчуваць рытм, музыку беларускага маўлення.

     Матэрыялам для вывучэння фанетыкі, лексікі, граматыкі беларускай мовы могуць служыць маленькія вершаваныя формы, фальклорныя паэтычныя творы.

     Па форме яны яскравыя, дасціпныя, забаўныя, падабаюцца дзецям, лёгка запамінаюцца, актыўна ўжываюцца ў гульнях. Гарантуюць станоўчую матывацыю засваення беларускай мовы, садзейнічаюць павышэнню дзіцячай самаацэнкі.

       Значнае месца ў далучэннi дзяцей да беларускай культуры, мовы мае арганiзацыя тэматычнага асяроддзя.

      З гэтай мэтай у кожнай групе дашкольнай установы выхавальнiкi павінны абсталяваць куткі «Мая радзіма — Беларусь». Іх змест фармiруецца ў залежнасцi ад узросту дзяцей. Таксама ў кожнай групе павінны быць створаны кнiжныя куткi, падабраны перыядычныя выданнi ў адпаведнасцi з узростам дзяцей.

     Важнай часткай работы у гэтым накірунку з′яўляецца ўзаемадзеянне з бацькамі, бо менавіта з адносін таты і мамы да роднай мовы ў дзіцяці фарміруюцца першыя ўражанні і першая любоў да яе, да таго месца, дзе ён нарадзіўся. Асноўнай задачай у азнаямленні бацькоў з нацыянальнай культурай з’яўляецца фарміраванне ў іх актыўнай сацыяльнай пазіцыі. З гэтай мэтай трэба анкетаваць бацькоў, праводзіць кансультацыі, бацькоўскія сходы, віктарыны, конкурсы, гутаркі, прыцягваць іх да ўзелу ў народных святах. Знаёміць бацькоў з псіхолага-педагагічнымі асновамі засваення дашкольнікамі роднай мовы, са зместам праграмы развіцця беларускага маўлення дзяцей. Забяспечваць іх неабходнымі даступнымі метадычнымі матэрыяламі для навучання дзяцей беларускай мове ў сям’і.

       Нельга вывучыць родную мову пад прымусам, яна павінна ўвайсці ў сэрца і думкі дзяцей непрыкметна, лёгка. А для гэтага нам усім неабходна спалучаць разнастайныя формы работы, якія б не прымушалі дзіця “завучыць”, а падштурхнулі да свядомага жадання запомніць новае слова, яскравы паэтычны радок, падзяліцца радасцю свайго адкрыцця з сябрамі, бацькамі.

      Паважаныя сябры! Давайце дапаможам нашым дзецям авалодаць беларускай мовай. Будзем выхоўваць дзяцей добрымі, разумнымі, дапытлівымі, церпялівымі і ўважлівымі да ўсяго. І адначасова абуджаць веру дзіцяці ў тое, што яно вырасце патрэбным на зямлі чалавекам.

Мая Беларусь

Насельніцтва Беларусі

У Беларусі дружалюбныя і дабрадушныя людзі. Цярплівасць і міралюбнасць беларусаў у многім вызначаны гісторыяй, азмрочанай незлічонымі войнамі. Прычым самі беларусы ніколі іх не пачыналі. Беларусь заўсёды рада гасцям і зацікаўлена , каб яны бліжэй пазнаёміліся з культурай, традыцыямі краіны.

Беларусы складаюць больш за 80% насельніцтва. У выніку гістарычнага мінулага ў Беларусі пражываюць і многія іншыя народнасці, некаторыя з іх – ужо некалькі пакаленняў:
рускія (8,2%) заўсёды жылі на тэрыторыі Беларусі. Вялікі наплыў зарэгістраваны пасля Другой сусветнай вайны
палякі (3,1%) жылі ў заходняй частцы краіны на працягу стагоддзяў
украінцы (1,7%) – найбольшы наплыў зарэгістраваны ў XVIII–XIX стагоддзях
яўрэі (0,13%): першыя яўрэі пасяліліся ў Беларусі ў XV стагоддзі. З пачатку 1980-х у сувязі з эміграцыяй у Ізраіль і іншыя краіны яўрэйскае насельніцтва Беларусі зменшылася і склала каля 30 тыс. чалавек

Таксама ў Беларусі пражываюць татары, цыганы, літоўцы і латышы.

Мова  

Беларуская і руская з’яўляюцца дзяржаўнымі мовамі Беларусі.

Іншыя мовы, такія, як польская, украінская і іўрыт, выкарыстоўваюцца на ўзроўні мясцовых абшчын.

Традыцыйныя рамёствы ў Беларусі

У Беларусі даўняя багатая гісторыя традыцыйных мастацтваў і рамёстваў, многія з якіх існуюць і цяпер.

Сярод асноўных рамёстваў:
ткацтва
дрэваапрацоўка
ганчарная справа
саломапляценне

Папулярныя традыцыйныя народныя танцы, існуюць народныя тэатры.

Музыка і мастацтва адыгрываюць важную ролю ў культурным жыцці Беларусі. Нацыянальныя і міжнародныя фестывалі рэгулярна праводзяцца па ўсёй краіне. Самы вядомы з іх – "Славянскі базар у Віцебску".

Прырода  Беларусі

Прырода Беларусі унікальная. Тут можна сустрэць шмат рэдкіх відаў раслін і жывёл. У рэспубліцы рэалізуюцца буйныя прыродаахоўныя праекты, створаны дзяржаўныя запаведнікі і заказнікі.

Беларускі ландшафт

Разнастайная расліннасць займае 93,1% усёй тэрыторыі краіны. Лясы складаюць 1/3 зялёнага покрыва краіны.

Поўнач Беларусі – край азёр. На поўдні краіны па цячэнні ракі Прыпяць размешчана балоцістая мясцовасць – славутае Беларускае Палессе.

У тых раёнах Беларусі, дзе захаваліся унікальныя ландшафты, сустракаюцца рэдкія віды раслін і жывёл, былі створаны дзяржаўныя запаведнікі.
Дзікая прырода Беларусі

У беларускіх лясах растуць 28 парод дрэў і каля 70 відаў кустоў. Самыя распаўсюджаныя пароды дрэў:

бяроза (па ўсёй краіне)

сасна (па ўсёй краіне)

елка (паўночныя раёны)

дуб (паўднёвыя раёны)

У Беларусі можна сустрэць вялікую колькасць дзікіх звяроў і птушак, сярод якіх шмат рэдкіх відаў.

У Беларусі існуюць 76 відаў млекакормячых, самыя распаўсюджаныя з якіх:

лось

алень

дзік

воўк

бабёр

На тэрыторыі рэспублікі сустракаецца каля 300 відаў птушак.

Для аховы рэдкіх і знікаючых відаў раслін і жывёл была створана Чырвоная кніга Рэспублікі Беларусь. У яе ўключаны 17 відаў млекакормячых, 72 віды птушак, 4 віды земнаводных, 10 відаў рыб, 72 віды насякомых – яны знаходзяцца пад аховай дзяржавы, і ў месцах іх існавання створаны дзяржаўныя запаведнікі і заказнікі.
Дзяржаўныя запаведнікі і ахова прыроды

У Беларусі пяць запаведных тэрыторый, якія ахоўваюцца дзяржавай. Іх работа падтрымана ЮНЕСКА.

Нацыянальны парк «Белавежская пушча»

Нацыянальны парк «Белавежская пушча» размешчаны ў Брэсцкай вобласці за 340 км на паўднёвы захад ад Мінска. Прыродаахоўныя работы тут пачаліся стагоддзі таму. У 1992 годзе згодна з рашэннем ЮНЕСКА парк быў уключаны ў Спіс Сусветнай спадчыны чалавецтва. У 1993 годзе ён атрымаў статус біясфернага запаведніка.

У Нацыянальным парку «Белавежская пушча» да нашых дзён захаваліся старажытныя дубы, узрост якіх больш як 500 гадоў, ёсць векавыя ясені, сосны і елкі.

У парку існуюць разнастайныя жывёлы і птушкі, у тым ліку самая вялікая ў Еўропе папуляцыя рэдкіх зуброў івялікіх падворлікаў.

Бярэзінскі біясферны запаведнік     

Запаведнік размешчаны за 120 км ад Мінска на тэрыторыі Віцебскай вобласці. Ён створаны ў 1925 годзе для аховы рэдкіх відаў раслін і жывёл, якія жывуць на поўначы краіны. Запаведнік уваходзіць у глабальную сетку біясферных запаведнікаў ЮНЕСКА.

На тэрыторыі запаведніка размешчаны розныя прыродныя комплексы – лясы, лугі, вадаёмы і балоты. Тут існуе больш як палова з усіх вядомых відаў беларускай фауны, у тым ліку:

56 відаў млекакормячых

220 відаў птушак

9 відаў амфібій

5 відаў рэптылій

34 віды рыб

Нацыянальны парк "Браслаўскія азёры"

Парк заснаваны ў 1995 годзе на паўночным захадзе Беларусі. На яго тэрыторыі знаходзяцца самыя прыгожыя ў Віцебскай вобласці Браслаўскія азёры.

Тэрыторыя парку перавышае 69 000 гектараў. Тут растуць больш як 800 відаў раслін, 20 з якіх блізкія да вымірання. У парку таксама існуюць:

30 відаў рыб

189 відаў птушак (85% усіх гнездавых птушак у Беларусі)

45 відаў млекакормячых

10 відаў амфібій

6 відаў рэптылій

На тэрыторыі парку размешчаны старажытны горад Браслаў, упершыню ўпамянуты ў пісьмовых крыніцах XI стагоддзя.

Нацыянальны парк "Нарачанскі"

Нацыянальны парк "Нарачанскі" размешчаны ў Мінскай вобласці, заснаваны ў 1999 годзе.

Плошча парку складае каля 94 000 гектараў. Больш як трэць яе пакрываюць вельмі прыгожыя сасновыя лясы. Не ўсе тэрыторыі, што належаць Нацыянальнаму парку "Нарачанскі", з’яўляюцца запаведнымі. Тут ёсць рэкрэацыйныя зоны з буйнымі азёрамі, дзе мноства разнастайнай рыбы, і таму яны карыстаюцца папулярнасцю ў рыбакоў.

Парк таксама вядомы сваімі прыроднымі крыніцамі мінеральнай вады. Тут размешчаны 18 санаторыяў і аздараўленчых цэнтраў.

Нацыянальны парк «Прыпяцкі»

Размешчаны за 250 км ад Мінска на поўдні краіны ў Гомельскай вобласці.

Запаведнік у затапляемай пойме ракі Прыпяць існаваў з 1969 года. Цяпер тэрыторыя парку перавышае 85 000 гектараў.

У 1987 годзе ў парку пасялілі зуброў. Там таксама жывуць:

51 від млекакормячых

11 відаў амфібій

7 відаў рэптылій

37 відаў рыб

246 відаў птушак

І растуць:

950 відаў раслін

196 відаў імхоў

Парк славіцца журавіннымі мясцінамі. Журавіны растуць тут на 500 гектарах.

 

 

 

<